Існавала ў 17—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў сеймавай канстытуцыі 1652. Мяркуюць, што ў 1664 пад ратушу прыстасаваны будынак камяніцы на рынку. У час пажару 1751 ён пашкоджаны, пазней адноўлены: на рагу будынка прыбудавана 2-ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам з выявай архангела Міхаіла (лічыўся абаронцам горада). У 1818 Н.р. значна рэканструявана: зменены агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні 2-га паверха гал. фасада, арыентаванага на плошчу, зроблена галерэя (апіралася на 4 калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка па вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. У такім выглядзе яна існавала да пажару 1862, калі была моцна пашкоджана і больш не аднаўлялася. Каля 1900 на месцы Н.р. ўзведзены новы будынак гар. магістрата (верагодна, былі выкарыстаны фундаменты і часткі сцен старой ратушы), у Вял.Айч. вайну разбураны.